ХА́НТЫ-МАНСІ́ЙСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Асцяка-Вагульская нац. акруга, з 1940 Ханты-Мансійская нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Пл. 523,1 тыс. км². Нас. 1401,9 тыс. чал. (2001), гарадскога 91%. Цэнтр — г. Ханты-Мансійск. Найб. гарады: Сургут, Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Нягань, Кагалым (гл. карту да арт. Цюменская вобласць).
Займае цэнтр. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, у межах якой вылучаюцца Сярэдняобская і Кондзінская нізіны, Сосьвінскае ўзв. і Сібірскія Увалы. На З — усх. схілы Паўн. і Прыпалярнага Урала (выш. да 1646 м). Радовішчы нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя). Клімат кантынентальны з працяглай зімой (каля 9 месяцаў). Сярэдняя т-ра студз. ад -18 да -23 °C, ліп. 16—19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рака — Об з прытокамі Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах, Пім, Лямін, Назым, Казым. Шмат азёр (больш за 1500) і балот. Глебы тарфяна-балотныя і падзолістыя. Больш за 30% тэр. пад хвойнымі лясамі (елка, хвоя, кедр), на Пн — тундра. З жывёл пашыраны вавёрка, собаль, каланок, ліс, гарнастай; каля 200 відаў птушак. Рэкі і азёры багатыя рыбай (ласасёвыя, сігавыя, асятровыя). Запаведнікі Малая Сосьва і Юганскі.
Буйны раён здабычы нафты (181 млн. т разам з газавым кандэнсатам, 2000) і прыроднага газу (20,1 млрд. м³). Асн. радовішчы: нафты — Саматлорскае, Мамантаўскае, Фёдараўскае; газу — Ігрымскае, Пунгімскае і інш. Першасная апрацоўка нафты і газу ў гарадах Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Сургут, Нягань, Лянтор, Лангепас. Вытв-сць электраэнергіі 53,5 млрд. кВт∙гадз (2000) на ДРЭС (2 Сургуцкія і Ніжнявартаўская). Прам-сць: лясная, дрэваапр., харч. (рыбакансервавая, малочная і інш.), маш.-буд., вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасяўныя пл. займаюць 10,8 тыс. га (2000). Бульбаводства. Прыгараднае агародніцтва. Малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, аленегадоўля. Пушны промысел. Зверагадоўля (серабрыстыя і чорныя лісы, пясец, норка). Улоў рыбы 6,6 тыс. т (2000). Даўж. чыгункі 1073 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1698 км. Гал. чыгунка Екацярынбург—Цюмень—Сургут—Новы Урэнгой. Суднаходства па рэках Об, Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах. Рачныя парты: Сургут, Ніжнявартаўск. 8 аэрапортаў. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды Усць-Балык—Омск, Саматлор—Альмецьеўск, Саматлор—Самара, Саматлор—Аляксандраўскае і інш.; газаправод Надым—Пунга і інш.
т. 16, с. 540